“Міжнародны пленэр народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва сабраў майстроў”

Аўтар admin
0

З мэтай падтрымкі народнай творчасці і народных мастацкіх рамёстваў, выяўлення сучаснага стану і перспектыў развіцця народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дэманстрацыі творчага патэнцыялу майстроў, павышэння іх сацыяльнага і творчага статусу на працягу чатырох дзён (з 9 па 12 кастрычніка бягучага года) у г.п. Копысь Аршанскага раёна адбыліся мерапрыемствы ў межах Міжнароднага пленэра народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

У населены пункт, што здаўна вядомы як цэнтр мастацкага керамічнага рамяства (з XV стагоддзя мястэчка славілася ўнікальнай керамікай з чырвонай гліны і кафлямі, што ўпрыгожвалі печы ў царскіх палатах Маскоўскага Крамля), падзяліцца вопытам і прадэманстраваць сваю творчасць прыехалі 15 майстроў з розных куткоў Беларусі – Бабруйска, Брэста, Быхава, Глыбокага, Дуброўна, Крычава, Лагойска, Салігорска і іншых.

Праграма пленэра была насычанай. Так, адбыліся: выставы работ майстроў народных мастацкіх рамёстваў, выступленні аўтэнтычных фальклорных і аматарскіх калектываў мастацкай творчасці, кірмаш рамёстваў “Аршанскі кірмаш”, конкурсныя і забаўляльныя праграмы, семінары па пытаннях аднаўлення, захавання, пераемнасці і папулярызацыі традыцый народнага мастацтва. Пазнавальнымі былі майстар-класы па вырабу кафлі і тэхналогіі маёлікі (роспіс па сырой форме), што правяла член Саюза мастакоў Беларусі Людміла Кавальчук. Не менш цікавым атрымаўся і майстар-клас па вырабу свістулек, што правялі рамеснікі.

Сярод лепшых беларускіх ганчароў у межах пленэра адбыўся конкурс “Гліна спявае”. Па яго выніках па рашэнні журы, што ўзначаліў доктар гістарычных навук, прафесар, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута, былі азначаны пераможцы ў некалькіх намінацыях. Так, лепшую хатнюю калекцыю прадставіў Сяргей Рымдзёнак з Шаркаўшчыны. Мікалай Стрэльчанка з Лагойска стаў першым у намінацыі “Лепшы ганчарны посуд”, а Таццяна Шынкарова з Оршы – у намінацыі “Лепшы выраб дэкаратыўна-глінянай пластыкі”. Першага месца ў намінацыі “Лепшая гліняная цацка” ганараваны Мікалай Пратасеня з Салігорска. Дыпломамі за захаванне і развіццё ганчарскіх традыцый адзначаны Вячаслаў Якавенка (Крычаў), Арцём Фамін (Глыбокае) і Васіль Логвін (Брэст).

Пленэр народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва плануецца зрабіць традыцыйным.

Андрэй Струнчанка, намеснік дырэктара Віцебскага АМЦНТ



0

ВАМ МОЖА БЫЦЬ ЦІКАВА