“Развіццё фальклору і народных мастацкіх рамёстваў”

Аўтар admin
0

Дзяржаўнай установай культуры змешанага тыпу “Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур” сумесна з Віцебскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці на базе ўстаноў культуры Аршанскага і Лёзненскага раёнаў 19-20 верасня бягучага года будзе праведзены рэспубліканскі семінар-практыкум па тэме “Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці дзяцей і моладзі сродкамі традыцыйнай культуры. З вопыту работы ўстаноў культуры па развіцці фальклору і народных мастацкіх рамёстваў у рэгіёнах Віцебскай вобласці”.

У семінары-практыкуме прымуць удзел больш за 40 спецыялістаў з усіх рэгіёнаў рэспублікі – метадысты абласных цэнтраў народнай творчасці, дырэктара Дамоў (Цэнтраў) рамёстваў, кіраўнікі дзіцячых калектываў па фальклоры і дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Для ўдзельнікаў семінара яго арганізатарамі распрацавана насычаная праграма. Так, у першы дзень адбудуцца: экскурсіі па Комплексу былога езуіцкага калегіума і ў этнаграфічны музей “Млын” (у горадзе Орша); знаёмства з дзейнасцю Аршанскага Дома рамёстваў, Лёзненскага раённага Цэнтра культуры і раённага Дома рамёстваў.

У другі дзень семінара яго ўдзельнікаў сустрэне Цэнтр народнай творчасці і рамёстваў г.п.Копысь Аршанскага раёна. Тут адбудуцца выставы работ дэкаратыўна-прыкладной творчасці, майстар-класы, прэзентацыя дзейнасці клуба этнаграфіі і фальклору “Капышане”. Абяцаюць быць цікавымі спектакль лялечнага тэатра “Батлейка” Аршанскага раённага Дома культуры і выступленне ўдзельнікаў узорнага фальклорнага калектыву “Шчодрыкі” Палаца культуры г.Барань.

0

ВАМ МОЖА БЫЦЬ ЦІКАВА