“Запрасілі “Аўцюкі”

Аўтар admin
0

Горад Калінкавічы і населеныя пункты Калінкавіцкага раёна 13-14 верасня бягучага года віталі гасцей і ўдзельнікаў ІХ рэспубліканскага фестывалю народнага гумару “Аўцюкі” – больш за 400 удзельнікаў з рэгіёнаў Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы і Балгарыі. Віцебшчыну прадставіў народны тэатр сатыры і гумару “Фанограф” Гарадоцкага гарадскога Дома культуры пад кіраўніцтвам Вольгі Люкшыной.

Як паведаміла вядучы метадыст Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Вольга Мульц, праграма фестывалю была вельмі насычанай. Так, адбыліся выступленні творчых калектываў у населеных пунктах Калінкавіцкага раёна, прэс-канферэнцыя, конкурс аматарскіх калектываў мастацкай творчасці і індывідуальных выканаўцаў “Як без вас жылі раскажам, не пачуеце – пакажам”, выставы гумарыстычных карцін і вырабаў майстроў народных мастацкіх рамёстваў, конкурс прыгажосці “Міс Аўцюкі-2019”, конкурс “Гумар у фармаце сэлфі”, конкурс гумарыстычных відэаролікаў “Дзе мы не былі”, гала-канцэрт удзельнікаў фестывалю і іншыя мерапрыемствы. У якасці спецыяльных гасцей фестывалю былі запрошаны вядомыя ўсім Саша Нэма і тэатр гумару “Хрыстафор”, якія падарылі ўсім прысутным добры настрой.

Жарты ад гарадоцкага “Фанографа” гучалі на розных пляцоўках. Так, сваю творчасць у першы дзень мерапрыемстваў калектыў прадставіў перад жыхарамі вёсцы Вялікія Аўцюкі і ў другі дзень прыняў удзел у шматлікіх конкурсах, што адбыліся ў межах фестывалю ў Калінкавічах.

Па выніках удзелу ў рэспубліканскім фестывалі народнага гумару скарбонка ўзнагарод калектыву папоўнілася дыпломамі за ІІ месца ў намінацыях “Тэатр мініяцюр” і “Анекдот”, за ІІІ месца – у конкурсе “Міс Аўцюкі”.

Арганізатарамі фестывалю выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Гомельскі аблвыканкам і Калінкавіцкі райвыканкам.

ДЛЯ ДАВЕДКІ.
Тэатр сатыры і гумару “Фанограф” быў створаны ў 1981 годзе, а ў 1986-м яму было прысвоена найменне “народны”. Сёння ў склад калектыву ўваходзяць 16 удзельнікаў.
Тэатральныя праграмы і мініяцюры “Фанографа” карыстаюцца поспехам у гледача, таму ні адно свята ў Гарадку не абходзіцца без выступлення ўдзельнікаў дадзенага калектыву. Ведаюць пра творчасць народнага тэатра сатыры і гумару за межамі горада і раёна. Калектыў неаднаразова станавіўся пераможцам шматлікіх конкурсаў, аглядаў і праектаў – абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю дыскатэчных праграм “Для тых, каму за…”, абласнога свята гумару “Смяяцца не грэх” і іншых.
У сваёй творчай творчай дзейнасці “Фанограф” цесна супрацоўнічае з харэаграфічнымі, вакальнымі і іншымі калектывамі мастацкай творчасці Гарадоцкага раёна.

0

ВАМ МОЖА БЫЦЬ ЦІКАВА