Традыцыйныя карагоды і танцы Талачынскага раёна

Традыцыйныя побытавыя танцы і карагоды, якія былі адноўлены і на сённяшні дзень захоўваюцца на тэрыторыі сучаснага Талачынскага раёна Віцебскай вобласці, з’яўляюцца адметнай праявай традыцый нематэрыяльнай культурнай спадчыны памежжа гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі: Віцебскага Падзвіння, Магілёўскага Падняпроўя.

На сённяшні дзень карагодны складнік элемента НКС прадстаўлены значнай колькасцю карагодаў, премеркаваных да святаў і абрадаў каляднага, вясновага і восеньскага перыядаў: гульнявы зімовы карагод “Чарнавусы каралёк”, на Камаедзіцу гулялі “У карагодзе мы былі, мядзведзя відзелі”, на Саракі – “Ой вясна, вясна вясёлая”, на Юр’е – “Зарадзі Божа жыта густа”, “А мы ў полі жыта глядзелі”, на Тройцу, на русальным тыдні гулялі карагоды “На вуліцы дзеўкі гуляюць”, “Дзеўкі ў луг ішлі”, “Выхвалялася бяроза”, на Пакровы – “Вось Пакрова прыйшла”. Такая насычанасць па колькасцці і жанравай шматстайнасці карагодаў захавалася ў Талачынскім раёне і сёння практычна на тэрыторыі Беларусі больш нідзе не прадстаўлена, што выступае выразнай яскравай рысай мясцовай карагоднай традыцыі.

Вельмі яскрава праяўляецца і танцавальная спадчына Талачыншчыны. З аднаго боку у рэпертуар фальклорных гуртоў уваходзяць агульна вядомыя і тыповыя для тэрыторыі Беларусі традыцыйныя побытавыя танцы: “Сямёнаўна”, “Кракавяк”, “Нарэчанька”, “Сербіянка”, “Каробачка” (з прыпеўкамі); “Падэспань”, “Нарэчанька”, “Кракавяк”, “Тустэп”,  полькі, вальсы і інш. З другога боку, кожны з танцаў мае свае лакальныя адметнасці, якія праяўляюцца і ў спецыфіцы мясцовых назваў (танцы “доўгія”, “аддзельныя”), і ў прымеркаванасці выканання (танец “Лянцей” выконваецца пасля кадрыляў), і ў жанравай шматстайнасці (полькі “З падбоем”, “З выкруткай”, “Матылёк”, вальсы  “Общий”, “З платочкам”). Цікавым і адметным узорам вядомай Лявоніхі з’яўлецца яе мясцовы варыянт. “Рамашкаўская Лявоніха” з в. Рамашкава адносіцца да шматкаленных танцаў тыпу кадрылі, складаецца з 5 кален. На тэрыторыі Талачыншчыны практыкуецца яшчэ адна кадрыля, назва якой паходзіць з вёскі Крывыя, дзе яна выконваецца, – “Крыўлянская”, складаецца таксама з 5 кален. Дзякуючы намаганням мясцовых спецыялістаў ўстаноў культуры з выкарыстаннем этнаграфічных звестак і пры дапамозе мясцовых жыхароў танцы і карагоды Талачынскага раёна былі ўзноўлены. На сённяшні дзень іх выконвае ўжо чацвертае пакаленне талачынцаў, якія працягваюць іх практыкаваць і перадаваць надалей наступным пакаленням. Мясцовае насельніцтва, спецыялісты ўстаноў культуры і адукацыі лічаць “свае” карагоды і  танцы каштоўнай часткай сваёй спадчыны і сучаснага культурнага асяродка. Менавіта таму працэс адраджэння мясцовых карагодаў і танцаў працягваецца: некаторыя з іх ўжо знаходзяцца ў працэсе ўзнаўлення  – полька “З выкруткай” і “Тройка”. Прыкладаюцца намаганні ў многіх напрамках для захавання ўжо адноўленных складнікаў. У розных кутках раёна для жыхароў праводзяцца майстар-класы па танцах, для моладзі на танцавальных вечарах этнагадзіны з развучваннем танцаў. У кожным дарослым і дзіцячым фальклорным калектыве, якія працуюць пры дзяржаўных установах раёна, вывучаюць і выконваюць свае адметныя варыянты танцаў і карагодаў, бо яна вартыя быць “жывымі”.