
Сімановіч Анатоль Уладзіміравіч
1978 г.н.
г. Лепель, Віцебская вобл.
Сімановіч Анатоль Уладзіміравіч нарадзіўся ў 1978 годзе, скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава ў 2015 г. Працуе майстрам па кераміцы і ганчарству ДУК ”Лепельскі Цэнтр расмёстваў“, з’яўляецца членам Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнай студыі майстроў народных мастацкіх рамёстваў ”Скарбонка“.
Вырабы майстра створаны ў беларускіх нацыянальных традыцыях. Абапіраючыся на вопыт мінулых пакаленняў, Анатоль Уладзіміравіч заўсёды імкнецца знайсці ўласнае арыгінальнае вырашэнне задумы, адухаўляючы кожны выраб сваёй асабістасцю і талентам. Кожны выраб адметны, бо ў яго свая форма, незвычайнае хараство, эстэтычны густ.
Анатоль Уладзіміравіч акрамя ганчарства захапляецца разьбой па дрэве, прафесійна і дасканала валодае ўсімі відамі мастацкай апрацоўкі дрэва. Творы разьбяра адрозніваюцца асаблівай пластыкай і вытанчанасцю. Падчас працы натхніўся рухомай драўлянай цацкай, пасля чаго з пад рук таленавітага майстра пачалі нараджацца вобразы побытавых сюжэтаў у гэтай галіне мастацтва.
Майстар актыўна займаецца экспедыцыйнай і навукова-даследчай дзейнасцю па вызначэнні рэгіянальных асаблівасцяў тэхналогіі аплятання бяростай ганчарнага посуду. Дзякуючы яго плённай працы і працы іншых майстроў у гэтай галіне, гэты элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны набыў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці.
Анатоль Уладзіміравіч прымае ўдзел у міжнародных, рэспубліканскіх і абласных выставах, мае ўзнагароды: дыплом лаўрэата I ступені ў намінацыі ”Лепшая хатняя калекцыя ганчарных вырабаў“ Міжнароднага пленэру дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ”Гліна спявае“ (г.п.Копысь, 2022г.); дыплом за I месца ХIV Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу народных мастацкіх рамёстваў ”Вясновы букет“ (г.Мінск, 2023г.); падзяка за ўдзел у абласной выставе-прэзентацыі ”Берасцянікі“; дыплом за ўдзел у выстаўцы ”Калядныя ўзоры“; дыплом за высокі творчы ўзровень і актыўны ўздел у свяце сярэднявечнай культуры ”Меч Брачыслава“ (Браслаў, 2024 г.); дыплом за I месца ХV Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу народных мастацкіх рамёстваў ”Вясновы букет“ (г.Мінск, 2024 г.); дыплом I ступені ў намінацыі ”Найлепшае гучанне“ на свяце-конкурсе традыцыйнай свістулькі ”Салавейка – 2024“ у межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“ (2024 г.) і інш.
У 2023 годзе ў ДУ ”Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці“ адбылася персанальная выстава Анатолія Сімановіча ”На ўсе рукі майстар“ у межах арт-праекта ”Партрэт майстра“. У 2023 годзе атрымаў статус народнага майстра Рэспублікі Беларусь.

