Стравы з таркаванай бульбы (дранікі, бульбяныя бліны, бабкі і іншыя) – традыцыі прыгатавання і ўжывання ў Віцебскай вобласці

Стравы з таркаванай бульбы на Віцебшчыне прадстаўляюць 15 раёнаў – Браслаўскі, Верхнядзвінскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Докшыцкі, Дубровенскі, Лепельскі, Лёзненскі, Пастаўскі, Полацкі, Расонскі, Сенненскі, Ушацкі, Шаркаўшчынскі, Шумілінскі раёны.
Дранікі і бульбяныя аладкі на Віцебшчыне стравы не выпадковыя. Гэта папулярная паўсядзённая ежа з цёртай сырой бульбы. Назва ад слова “драць” – церці, абдзіраць слаямі. Бульбяныя аладкі, як часам называюць дранікі, і бліны сустракаюцца практычна ўсюды, дзе ў ежу ўжываюць бульбу. Адносяцца да комплексу страў, прыгатаваных з дзёртай бульбы, у склад якога таксама ўваходзяць клёцкі, бабка, бульбяная кішка, калдуны, пызы і г.д. На Віцебшчыне дранікі маюць розныя лакальныя назвы: “драчоны”, “дзеруны”, “бонды”, “картафлянікі” (“картаплянікі”), ”картапляныя аладкі” (Браслаўскі раён), “драчы” (Докшыцкі, Лепельскі раён), “бульбянікі”, “бульбяшы”, “сарока”, “наліснікі”, “калдуны”, “таўчанікі” (Лёзненскі раён), “дзяронікі”, “драннё”, “дзеруны” (Вароніцкі сельскі савет, Полацкі раён), “пацёркі” (Зялёнкаўскі сельскі савет, Полацкі раён), “дзяроныя бліны”, бліны з дранай бульбы, дранікі са шкваркамі ўнутры, калдуны (в.Парфёнаўцы, Полацкі раён); картафлянікі, калдуны, дзяронікі, сарока, топцікі (Ушацкі раён), бульбешнікі (Шаркаўшчынскі раён).
Акрамя традыцыйных дранікаў, якія распаўсюджаны па ўсёй тэрыторыі вобласці, сустракаюцца і адметныя – дранікі з тварагом (Верхнядзвінскі, Лепельскі, Пастаўскі, Ушацкі, Шаркаўшчынскі раёны), зразы (Лепельскі раён), картоплікі (Віцебскі раён), бульбяная кішка, “дранка” (таркаваная на вялікую тарку бульба, смажаная на патэльні), калдуны (Пастаўскі раён), дранікі з грыбамі, дранка, запяканка (Расонскі раён).
Традыцыйны рэцэпт дранікаў, распаўсюджаных на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Бульбу чысцяць у дзень прыгатавання стравы. Дзяруць яе на тарцы або выкарыстоўваюць для гэтага куханны камбайн. Соляць, кладуць трошкі мукі, яйка, замешваюць. На гарачую патэльню кладзецца тлушч або алей. Лыжкай кладуць невялікія аладкі. Жарацца з двух бакоў да прыгатавання. Дранікі ўжываюць як самастойную страву, а таксама падаюць са шкваркамі, смятанай, малаком. На стол ставяць звычайна ў вялікай талерцы, ужываюць гарачымі. Другая група дранікаў мае розныя віды начынкі: мяса, тварог, грыбы. Такія дранікі падаюцца з соусамі рознага гатунку, з кефірам, малаком.
Вядучую ролю па захаванні жыццядзейнасці элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Стравы з таркаванай бульбы (дранікі, бульбяныя бліны, бабкі і іншыя) – традыцыі прыгатавання і ўжывання ў Віцебскай вобласці” выконваюць супольнасці Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Віцебскага, Гарадоцкага, Докшыцкага, Дубровенскага, Лепельскага, Лёзненскага, Пастаўскага, Полацкага, Расонскага, Сенненскага, Ушацкага, Шаркаўшчынскага, Шумілінскага раёнаў. Вялікую ролю ў захаванні рэцэптаў і папулярызацыі страў беларускай нацыянальнай кухні, у тым ліку і дранікаў, адыгрываюць клубы беларускай нацыянальнай кухні, якія існуюць у кожным раёне Віцебскай вобласці, 16 з іх маюць найменне “народны аматарскі калектыў”. У Віцебскай вобласці праходзяць святы: фестываль беларускай нацыянальнай кухні “Дзвінскі смак” (м.Здраўнёва Віцебскі раён); абласное свята-конкурс вясельных абрадаў Віцебшчыны “Вялікая вясельніца”; абласное свята нацыянальных культур, беларускай кухні і гульні “Нас з’яднала зямля Беларусі”, абласное свята аматарскіх аб’яднанняў “Яблычны фэст”, падчас якіх адбываюцца выставы-прэзентацыі, дэгустацыі страў беларускай нацыянальнай кухні, у тым ліку і дранікаў, страў з таркаванай бульбы і інш.