Рымдзёнак Ганна Міхайлаўна

Рымдзёнак Ганна Міхайлаўна
1973 г.н.
г.п. Шаркаўшчына, Віцебская вобл.

Рымдзёнак Ганна Міхайлаўна нарадзілася ў 1973 г., скончыла ў 1992 г. Віцебскае ПТВ №16 па спецыяльнасці ”повар“. Сваю працоўную дзейнасць у галіне культуры пачала ў снежні 1994 года на пасадзе захавальніка фондаў Германавіцкага музея культуры і побыту імя Я.Драздовіча. З 1997 года пераведзена на пасаду кіраўніка гуртка Германавіцкага філіяла раённага Цэнтра рамёстваў. З 2020 года Ганна Міхайлаўна – майстар народных рамёстваў Дома ганчара – філіяла ДУК ”Шаркаўшчынскі раённы Цэнтр культуры“.

З 2001 года з’яўляецца членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Таксама ўваходзіць у склад народнай студыі майстроў народных мастацкіх рамёстваў ”Талака“ пры Шаркаўшчынскім раённым Цэнтры рамёстваў.

Творчы лёс Ганны Міхайлаўны вырашыла сустрэча з майстрам-ткачыхай Аленай Антонаўнай Бондар, у якой яна пераняла навыкі ткацтва. Затым вучылася на курсах па ткацтву паясоў, арганізаваных Віцебскім АМЦНТ(1995 г.) і па ткацтву на станку (1998 г.).

Зараз працуе на этнаграфічным станку ”кросны“, якому ўжо больш за 100 год. У працы выкарыстоўвае двухнітовае, шматнітовае, бранае, выбарнае, пераборнае, падвойнае і ажурнае ткацтва. Вырабляе бясшоўныя шырокія посцілкі-паласавікі і мясцовыя закладныя дываны-кілімы. Валодае тэхнікамі пляцення і ткацтва паясоў на бердзечку, на дошчачках. Працуе ў напрамку адраджэння стараверскіх ручнікоў. Цудоўныя ўзоры выходзяць з працавітых рук Ганны Міхайлаўны: ручнікі, абрусы, сурвэткі, посцілкі, ходнікі. У сваім мастацтве яна абапіраецца на традыцыі і творча іх развівае.

Займаецца даследчай дзейнасцю, вывучае ўзоры і тэхнікі народнага тэкстылю, вясковыя строі на тэрыторыі раёна. Ганна Міхайлаўна – пастаянная ўдзельніца выстаў і конкурсаў (удзел у выставе-кірмашу народных рамёстваў ”Горад майстроў“ у межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“; фестывалі народнай музыкі ”Звіняць цымбалы і гармонік“ у Паставах; рэспубліканскім фестывалі-кірмашу народных рамёстваў ”Вясновы букет“ г.Мінску).

За сваі творчыя работы Ганна Міхайлаўна мае шэраг узнагарод і дыпломаў: дыпломы I і II  ступені на кірмашу народных рамёстваў ”Горад майстроў“ у Віцебску, I месца на абласным конкурсе ткацтва ў намінацыі ”Ткацтва дывана“, I месца ў намінацыі ”Ткацтва посцілкі“ абласнога свята-конкурсу ”Палатняныя пераплёты“. Фотаздымкі яе тканых ручнікоў размешчаны ў каталогу ”Народныя сувеніры Віцебшчыны“.

Майстар займаецца з дзецьмі, вядзе заняткі ў гуртках па ручному і станочнаму ткацтву, знаёміць з асноўнымі сімваламі беларускага арнаменту. Яе навучэнцы вывучаюць рэгіянальныя асаблівасці ткацтва ручнікоў, вучацца падбіраць ніткі па колеру.

Узнагароджана прэміяй Віцебскага аблвыканкама за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва, як ”Лепшы майстар традыцыйных рамёстваў“. З 2021 года мае статус народнага майстра Беларусі.