Дуда – беларускі народны духавы язычковы інструмент. Паводле пісьмовых крыніц, дуда вядома на Беларусі з канца 15 ст. (паводле археалагічных матэрыялаў, дуда магла бытаваць на Віцебшчыне ўжо ў канцы 13 ст.). Згодна з этнаграфічнымі даследаваннямі М.Нікіфароўскага і Е.Раманава дуда была пашырана на тэрыторыі Віцебскай, частцы Віленскай і некаторых паўночна-заходніх і ўсходніх паветах Мінскай губерняў. Дуда была вельмі папулярным музычным інструментам, выкарыстоўвалася для суправаджэння танцаў, песень і прыпевак, на сямейных і каляндарных абрадавых святах, ігрышчах і кірмашах. На дудзе ігралі як сольна, так і ансамблі са скрыпкай, ці са скрыпкай, цымбаламі і бубнам. Аднак ужо напрыканцы 19 ст. дудары пачынаюць сустракацца ўсё радзей і радзей. Апошняе публічнае выкананне на дудзе было зафіксавана ў 1951 г. у Полацку ў час правядзення фестываля народнай творчасці. У 1980-я гады музычнымі майстрамі і выканаўцамі, аматарамі традыцыйных інструментаў стала праводзіцца праца па адраджэнню дуды, вяртанню яе ў мастацкую практыку.
У сучасны момант у Лепельскім, Полацкім, Сенненскім раёнах Віцебскай вобласці культура беларускай дуды прадстаўлена інструментамі, якія рэканструяваны сучаснымі майстрамі паводле дакументальных апісанняў, а таксама мастацтвам ігры на дудзе музыкантаў-аматараў Бандарэнка Г.К. (г.Сянно), Шкіндзера В.А. (Лепельскі раён), Яцкевіча Д.У. (г.Полацк).