Гукава Вольга Мікалаеўна

Гукава Вольга Мікалаеўна
1974 г.н.
г. Паставы, Віцебская вобл.

Гукава Вольга Мікалаеўна нарадзілася ў 1974 годзе, у 1995 годзе скончыла Віцебскае вучылішча мастацтваў па спецыяльнасці ”мастак-выкладчык“. З 2000 года працуе кіраўніком гуртка па кераміцы і ганчарству, з 2014 года  – метадыстам па кераміцы і народнаму роспісу па тканіне філіяла №1 ”Дом рамёстваў ”Стары млын“ ДУК ”Цэнтр культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна“.

Вольга Мікалаеўна з 2020 года з’яўляецца членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, уваходзіць у склад членаў народнага клуба народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў-аматараў ”Майстры“ пры філіяле №1 ”Дом рамёстваў ”Стары млын“. Майстар займаецца развіццём некалькіх накірункаў традыцыйнага народнага мастацтва: маляванка, набойка, роспіс па шкле і кераміка.

У 2008 – 2010 гг. з’явіліся першыя работы майстра маляваных дываноў і макатак, якія заклалі аснову грунтоўных калекцый, яны штогод папаўняюцца. Вывучыўшы спосабы і сродкі народнага роспісу носьбітаў традыцый А.Б.Іванінай, Я.Б.Ліманоўскай, І.І.Гарбунова, В.М.Гукава стварыла вялікую калекцыю ”маляванак“. Яна карыстаецца не толькі трафарэтамі, дапаўняючы іх адбіткі паліхромнай ажыўкай і графікай каляровай лініі, але засвоіла і тэхніку набойкі, і свабоднага пэндзалевага роспісу ад народнага майстра Я.Б.Ліманоўскай з аграгарадка Варапаева Пастаўскага раёна. Тэмы работ звязаны з расліннымі і анімалістычнымі сюжэтамі. У цэнтры разам з кветкавымі кампазіцыямі змяшчаюцца і азёрныя краявіды з бусламі, галубамі, лебедзямі ці аленямі, выявы помнікаў архітэктуры Пастаўшчыны. З улікам старадаўніх мясцовых традыцый і ўзораў выраблены разнастайныя керамічныя і ганчарныя рэчы, якія вылучаюцца сваеасаблівай манерай выканання, спалучэннем гліны і тканіны, роспісам па кераміцы (талеркі, цацкі, пано).

У калекцыі майстра – дываны, паўдываннікі, макаткі, сурвэткі, а таксама пано. У мастацкіх вырабах Вольгі адчуваецца сапраўдны мастацкі густ, дасканаласць форм і любоў да справы. Сваё майстэрства яна перадае дзецям на занятках у гуртках па маляванцы і глінянай цацкі,  таксама праводзіць практыкумы і майстар-класы. Майстрам распрацаваны аўтарскія праграмы гурткоў на аснове звестак аб традыцыях і тэхналогіях, якія бытавалі на Пастаўшчыне.

Кожны год Вольга папаўняе фонд метадычных дапаможнікаў па стварэнні насценнага пано на тканіне ў тэхніцы народнага роспісу і кераміцы. З’яўляецца частым госцем тэлеперадач рэгіянальнага канала ”Паставы ТБ“. Пра яе майстэрства пішуць у сродках масавай інфармацыі.

Майстар – удзельнік і пераможца абласных, рэспубліканскіх святаў, конкурсаў і фестываляў традыцыйнага мастацтва: выставы-кірмашу рамёстваў ”Горад майстроў“ у межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“ і Міжнароднага фестывалю народнай музыкі ”Звіняць цымбалы і гармонік“ у Паставах (штогод); ІІ Нацыянальнай выставы народнага мастацтва ”Жывыя крыніцы“ (г.Мінск, 2006 г.); абласной выставы народнага сувеніра Віцебшчыны ”Цвяток радзімы васілька“ (г.Віцебск, 2010 г.); ІV, V Нацыянальнай выставы наіўнага мастацтва ”INSITA“ (2012, 2016 гг.); Міжнароднага конкурсу майстроў па кераміцы і ганчарству ”Гліна спявае“ (2018 г.); абласнога пленэру майстроў дэкаратыўнага роспісу ”Райскі сад“ у межах Міжнароднага свята ”Вішнёвы фестываль“ (г.Глыбокае, 2019 г.); Міжнароднага свята-конкурсу майстроў традыцыйнага і сучаснага мастацкага роспісу ”Фарбы нябёсаў“ (2014 г, 2020 г., уладальнік Гран-пры); Рэспубліканскай выставы народнай творчасці ”Калядныя ўзоры“ (г.Мінск, 2020 г.); абласной інтэрактыўнай выставы-конкурсу мастацкіх вырабаў ”Птушыны перапалох“ (2020, 2021 гг., дыплом ІІ ступені ў намінацыі ”Лепшая выява птушак Беларусі“); выставы ”Чароўных слоў увасабленне. Легенды, паданні і казкі Віцебшчыны ў маляваных дыванах“ (г.Мінск, 2021г.); выставы ”Жывая спадчына“ ў рамках Міжнароднага свята ”Меч Брачыслава“ (г.Браслаў, 2021 г., дыплом ”За высокі творчы ўзровень і майстэрства“).

Персанальныя выставы па жывапісу і кераміцы Вольгі Гукавай не раз ладзіліся ў Паставах: ”Традыцыі роднага краю“ (2015 г.); сумесна з Я.Б.Ліманоўскай ”Пастаўшчына родная мая“ (2017 г.); ”Жывапіс душы“ (2019 г.); ”Колеры натхнення“ (2020 г.).

Вольга Гукава з’яўляецца носьбітам элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны ”Традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я“ і ”Інсітнае (наіўнае) мастацтва Віцебшчыны“.

Вольга Мікалаеўна – лаўрэат прэміі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ”За высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры“ ў намінацыі ”Лепшы майстар традыцыйных рамёстваў“ па выніках 2020 года.

З 2021 года мае статус народнага майстра Беларусі.