Аўчыннікава Алеся Іванаўна

Аўчыннікава Алеся Іванаўна
1982 г.н.
г.п. Бешанковічы, Віцебская вобл.

Нарадзілася ў 1982 годзе ў г.Елгава (Латвія), пражывае ў г.п.Бешанковічы. Скончыла Віцебскі прафесіянальна-тэхнічны каледж па спецыяльнасці ”мастак дэкаратыўна-прыкладной творчасці“. Працуе дырэктарам Бешанковіцкага Дома рамёстваў. У творчай дзейнасці ўвагу аддае кераміцы, роспісу па шкле, маляваным дыванам і пісанкам.

Займаецца адраджэннем і даследваннем традыцыйнай Бешанковіцкай свістулькі па этнаграфічных знаходках. З 2008 года пачала займацца і  самастойна аднавіла тэхніку традыцыйнага роспіса па шкле на чорным фоне, за гэты час было створана больш 70 работ па мастацкім роспісе. Працуе таксама ў тэхніцы ”маляваны дыван“, вырабляе традыцыйную пісанку, аднавіла тэхніку вырабу традыцыйнага вясельнага галаўнога ўбору ”Цветы“.

З’яўляецца ўдзельніцай шматлікіх конкурсаў, выстаў, кірмашоў. Сярод якіх: свята ”Дажынкі“, міжнародны фестываль мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“, міжнародная выстава-кірмаш ”Ягелонскі кірмаш“ у Любліне і інш.

На яе творчым рахунку шмат узнагарод: на міжнародным пленэры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ”Гліна спявае“ ў г.п.Копысь (у 2006 г. адзначаны яе творчы дэбют, а на другім пленэры Алеся заняла II месца ў намінацыі ”Ручная лепка“);  у межах міжнароднага фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“ была лаўрэатам I і II ступені на абласным свяце-конкурсе традыцыйнай свістулькі ”Салавейка“ (2015-2017 гг., 2019г., 2021 г., 2024 г.), а таксама лаўрэатам конкурсу ”Райскі сад“ (роспіс па шкле), заняла II месца на конкурсе ”Фарбы нябёсаў“ у намінацыі ”Роспіс па шкле“.

Работы майстра знаходзяцца ў прыватных калекцыях, а таксама ў фондах Бешанковіцкага краязнаўчага музея.

За творчыя дасягненні ў 2019 годзе Аўчыннікава А.І. атрымала ганаровае званне ”Чалавек года Віцебшчыны“. З’яўляецца членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.

На базе Дома рамёстваў вядзе гурткі па кераміцы і мастацкім роспісе, а таксама праводзіць майстар-класы для дарослых, дзяцей і людзей з абмежаванымі псіха-фізічнымі здольнасцямі.

У 2021 г. нададзены статус народнага майстра Беларусі.