
Аляксеева Вольга Сяргееўна
1969 г.н.
г. Дуброўна, Віцебская вобл.
Працоўны стаж Аляксеевай Вольгі Сяргееўны пачаўся з 1992 года, калі яна працавала мастаком-афарміцелем у Дубровенскім раённым Доме культуры. З 2004 года працавала дырэктарам раённага Дома рамёстваў. У 2007 годзе скончыла УА ”Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў“ па спецыяльнасці ”мастак народных рамёстваў“. Авалодала тэхнікай ручной лепкі і ганчарства. У 2009 годзе была пераведзена на пасаду метадыста па народнай творчасці пры раённым арганізацыйна-метадычным цэнтры. Пры дзіцячай школе мастацтваў стварыла студыю эстэтычнага развіцця па саломапляценню.
З красавіка 2011 года з’яўляецца кіраўніком народнай студыі майстроў народных мастацкіх рамёстваў ”Дубрава“, дзе імкнецца сабраць майстроў традыцыйных відаў рамёстваў, характэрных рэгіёну.
Падчас раённых фальклорных экспедыцый Вольга Сяргееўна дасканала вывучала асаблівасці традыцыйнага Дубровенскага строю і стала аўтарам эскізных распрацовак касцюмаў для народных і фальклорных калектываў раёна. Па яе ініцыятыве ў раёне з 2014 года праходзяць пленэры па жывапісу ”Дубровенскія краявіды“ і дэкаратыўна-прыкладному мастацтву ”З крыніц спрадвечных“.
З 2018 года пачалася работа па адраджэнні традыцыйнай цацкі-свістулькі. У 2020 годзе ў г.Мінску адбылося пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, у выніку якой быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці ”Традыцыйным вобразам і тэхналогіі вырабу гліняных народных цацак Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Падзвіння“.
У ХІІІ абласным этапе рэспубліканскага конкурсу ”Женщина года – 2020“ Аляксеева В.С. стала пераможцай у намінацыі ”Духовность и культура“. У 2021 годзе была ўзнагароджана ганаровай граматай упраўлення культуры Вітебскага абласнога выканаўчага камітэта за значны ўклад у зберажэнне і папулярызацыю нематэрыяльна-культурнай спадчыны.
Штогод студыя пад кіраўніцтвам Вольгі Аляксеевай удзельнічае ў рэспубліканскіх і абласных конкурсах, займае прызавыя месцы: гран-пры ў VI Міжнародным свяце-конкурсе традыцыйнай свістулькі ”Салавейка“ ў межах ХХХІІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“ (ліпень 2024 г.), дыплом І ступені ў Міжнародным пленэры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ”Гліна спявае“, намінацыя ”Лепшая гліняная цацка“ (г.п.Копысь, верасень 2024 г.). За шматгадовую добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у развіццё і прапаганду нацыянальнай культуры і мастацтва, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна ўзнагароджана ганаровай граматай Дубровенскага раённага Савета дэпутатаў. У 2022 годзе Вольга Аляксеева атрымала статус народнага майстра Беларусі.


