Віцебская маёліка

нематэрыяльная культурна-гістарычная спадчына горада Віцебска

[ngg src=»galleries» ids=»30″ display=»basic_thumbnail» thumbnail_crop=»0″]

Віцебск – адзін з найстарэйшых гарадоў Беларусі, які зрабіў вялізны ўклад у нацыянальную мастацкую культуру. Прыкметнай з’явай XVII-XVIII ст. стала Віцебская маёліка – чырвонагліняныя кіпрыя вырабы, пакрытыя непразрыстай (алавянай) палівай – эмаллю, якая з’яўляецца адным з відаў каштоўнай, высокамастацкай прадукцыі. Назва за ёй замацавалася ў Італіі і пайшла ад наймення вырабаў, зробленых адзначаным спосабам, якія вывозіліся з вострава Маёрка.
З узнікненнем мануфактурнай вытворчасці ў Віцебску ў 1790 г. быў пабудаваны кафляны завод, на якім выраблялі кафлю – архітэктурна-дэкаратыўную кераміку для абкладання храмаў, церамаў звонку і ўнутры (фрызы, карнізы, калоны, парталы), печаў. Спачатку з’явілася гаршчковая кафля, зробленая ляпным спосабам і праўленая на ганчарным коле, потым, у XV стагоддзі з’яўляецца скрынкавая кафля, пласціна, адфармаваная ў форме з дрэва. Пячная абкладка складаецца з вялікай колькасці скрынкавых модульных элементаў – сцянных, сцянных палоўчатых, кутовых, карнізных, паясавых, кафляў-перамычак, балясен, гарадкоў (карон), медальёнаў, дахоўкі. У Віцебску да другой паловы XVIII ст. вырабляліся рэльефныя кафлі, пакрытыя рознымі палівамі і аздобленыя ў стылі позняга барока альбо ракако, ўжывалася таксама кафля галандскага тыпу, распісаная вогнетрывальнымі фарбамі на сырой белай паліве. У гэты час у слабадзе Ільіншчына з’явіўся ганчарны завод, які выпускаў глазураваны посуд: супавыя вазы, салонкі, цукарніцы, малочнікі, каваўнікі, кубкі, талерачкі, гаршочкі і ўмывальнікі.
З большага каляровая гама вырабаў маёлікі складалася з зялёнага, жоўтага, шэрага, шакаладнага і фіялетавага колераў. Віцебская кафля адрозніваецца паліхроміяй, багатым паліваннем і таніроўкай. Сюжэты для сваіх вырабаў майстры бралі часцей за ўсё з навакольнага жыцця: з мясцовай флоры і фауны, са славянскіх легенд і паданняў, з сумежных галін прыкладнога мастацтва: вышыўкі, разьбярства, ткацтва і г.д.
Зараз цэнтрам ганчарнай вытворчасці Віцебска можна назваць Задзвінне (вул. Ганчарная). Тут у XIV-XVI стагоддзях размяшчалася Слабада Русь, у якой сяліліся рамеснікі. У гэтым месцы, дзе размяшчалася рамесніцкая Слабада, зараз знаходзіцца ДУ “Культурна-гістарычны комплекс “Залатое кола горада віцебска “Дзвіна”, дзе сёння адраджаецца і развіваецца традыцыя віцебскай маёлікі ў аўтарскім выкананні Кавальчук Людмілы Мікалаеўны на грунце вывучэння і аднаўлення тэхналогіі XVIIІ стагоддзя роспісу па сырой эмалі. Адсочваючы мастацтва кафлярства гістарычна мы бачым яго рэгулярнае развіццё, паслядоўнасць, ашчадна зберагаючы ўсе дасягненні беларускай керамікі ў цэлым з XIV па ХІХ стагоддзі. Значэнне вывучэння паліваных керамічных вырабаў падчас даследавання матэрыяльнай культуры народа цяжка пераацаніць. Створан своеасаблівы брэнд “Віцебская маёліка”, працягнута традыцыя старых майстроў познесярэднявечнага перыяду, якая складаецца ў тым, каб вырабляць кераміку: разнастайную па функцыянальнаму прызначэнню і па тэхніцы выканання, высокай якасці і майстэрства. “Яснасць задумкі, выразнасць кампазіцыі і уменне спалучаць утылітарныя і мастацкія задачы” – прынцыпы старых майстроў.

[ngg src=»galleries» ids=»31″ display=»basic_thumbnail» thumbnail_crop=»0″]