Традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення Гарадоцкага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага раёнаў Віцебскай вобласці і горада Віцебска

Спіральнае пляценне Гарадоцкага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага раёнаў Віцебскай вобласці і горада Віцебска – традыцыйнае беларускае рамяство, якое дасягае высокага мастацкага ўзроўню, займае пачэснае месца сярод аналагічных тэхналогій, якія распаўсюджаны на тэрыторыі Беларусі. Рамяство даволі старажытнае, кардынальных змяненняў у сваім характары амаль не зазнала (утылітарныя, побытавыя вырабы), але дапоўнілася лінейкай сувенірных вырабаў, якія даволі папулярны ў турыстаў і гасцей з замежжа. Па ранейшаму асноўным спосабам перадачы інфармацыі з’яўляецца вусная традыцыя перадачы навыкаў і ўменняў ад майстра носьбіта тэхналогіі да новага пакалення творцаў. У якасці асноўных носьбітаў у 1980-90я гг. былі: Адам Мікалаевіч Краўчук з г. Віцебска, Карэнік Пётр Казіміравіч і Чэркас Міхаіл Баляслававіч з Браслава. Апроч таго сучасныя майстры займаюцца даследаваннем сваіх рэгіёнаў і рэканструкцыяй знойдзеных артэфактаў спіральнага саломапляцення.  Тэхналогія спіральнага пляцення простая. Са жгутоў саломы ўкладваюць па спіралі круглае альбо авальнае дно, нарошчваюць вышыню і аб’ём сценак. Тэхналогія дазваляе звужаць або пашыраць аб’ём, рабіць круглыя, цыліндрычныя і шарападобныя ёмістасці. Для злучэння жгутоў паміж сабой ўжываюць часцей за ўсё лазовыя стужкі, а таксама карані хвойных парод дрэў, ільняныя альбо канапляныя ніткі. Сцягваюць віткі паміж сабой лазовай стужкай пры дапамозе качэдыка, альбо іголкі з вялікім вушкам. Гэты этап працэса стварэння вырабу набліжае яго да тэкстыля.

Форма вырабаў, як і тэхніка пляцення, і характар арнамента, – найбольш устойлівыя традыцыйныя элементы мастацтва пляцення, якія перадаюцца ад пакалення да пакалення. Прыклад зберажэння традыцыйнай тэхнікі пляцення і формаў побытавых вырабаў служаць экспанаты з Гарадка, Браслава – прамавугольныя, цыліндрычныя, авальныя карзінкі, карабы, гарлачы, кузубы. Формы сучасных вырабаў як традыцыйныя, так і новыя. Багатая калекцыя вырабаў спіральнага пляцення прадстаўлена ў Браслаўскім раённым аб’яднанні музеяў, у Гарадоцкім Доме рамёстваў і фальклору, у КГК “Залатое кола горада Віцебска “Дзвіна”. Верхнядзвінскія майстры аднаўляюць формы, знойдзеныя на тэрыторыі раёна: каробачкі, талеркі, гарнцы, кубялёчкі з вечкай, севалкі, збаны і іншыя рэчы. Для аплёткі скарыстоўваюць лазовую стужку, якая стварае прыгожы рытмічны малюнак дыяганальнага альбо спіральнага характару на залацістых саламяных сценках вырабу. Адметнасцю твораў М.М. Баршчова з’яўляецца выступаючае на цыліндрычных формах вырабу рэльефнае кола, якое робіць канструкцыю больш выразнай. Віцебскі майстар Л.М. Вараб’ёва (1965 г.н.) і яе вучні перапрацоўваюць традыцыйныя вясковыя ёмістасці для гарадскіх інтэр’ераў і сучаснага спажыўца. Круглыя і авальныя формы маюць дэкаратыўную аплётку 2-3 колера. Унікальнымі для дадзенай тэхналогіі з’яўляюцца корабы і сумкі прамавугольных форм з арыгінальным малюнкам укладкі саламяных жгутоў. Асобныя кошы набліжаны да зааморфных форм і спалучаюць вартасці ўтылітарнага і скульптурна-дэкаратыўнага характару.

Традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення мае наступныя адметныя вартасці:

1)мастацкія:

-прастата формаў, якая  асацыіруецца не са спрошчанасцю, а з іх дакладнасцю і дасканаласцю;

— тэхналагічныя асаблівасці адначасова ствараюць пэўны дэкаратыўна-мастацкі эфект: дробны, рытмічны дыяганальны ці спіральны ўзор лазовага перапляцення стварае прыгожы малюнак на залацістых жгутах саломы.

— утылітарныя, пластычныя і дэкаратыўныя, мастацкія ўласцівасці саламянага начыння з’яднаны ў непаўторным адзінстве.

2)духоўныя – пераемнасць традыцый, бо канструкцыі побытавых плеценых вырабаў (карабоў, карзін, севалак, кузубаў) архаічныя па форме;

Вырабы майстроў Віцебшчыны, зробленыя ў тэхніцы спіральнага пляцення, маюць наступныя крытэрыі якасці:

— шчыльнасць стыкоўкі жгутоў;

— дасканаласць формы;

— адпаведнасць формаў мясцовым лакальным традыцыям;

— дэкаратыўнасць аплёткі і разнастайнасць рытму;

— вентыляцыйныя якасці матэрыялу дазваляюць захоўваць збожжа і адзенне, а ёмістасці, якія доўгі час скарыстоўваліся для захоўвання мукі, не прапускаюць вадкасці, з’яўляюцца герметычнымі.

Майстры Віцебскай вобласці з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі ўсіх раённых, гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і некаторых міжнародных праектаў, падчас якіх праводзяць майстар-класы, абменьваюцца вопытам і напрацоўкамі. Прадаўжаюць садзейнічаць творчасці майстроў усіх напрамкаў абласныя курсы павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры. Пры іх падтрымцы ў 2007 годзе ў трэці раз народны майстар Беларусі Адам Краўчук перадаваў вопыт спіральнага саломапляцення вучням. Штогод выставы па саломапляценні, у тым ліку – па спіральнаму, праходзяць у выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. У 2019 годзе ў межах Міжнароднага  фестывалю мастацтваў ”Славянскі базар у Віцебску“ адбылося свята-конкурс па саломапляценню ”Папараць-кветка“, адной з намінацый якога было “спіральнае саломапляценне”.

Гурткі па спіральнаму саломапляценню працуюць у Гарадоцкім Доме рамёстваў і фальклору, у Браслаўскім Музеі традыцыйнай культуры.