Гаравая Людміла Генадзьеўна

10.03.1964 г.н.
г. Віцебск

Гаравая Людміла Генадзьеўна – народны майстар выцінанкі і спіральнага пляцення.
Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У.І. Леніна па спецыяльнасці “біёлаг”. З 1991 года працавала ў Гарадоцкім Доме рамёстваў і фальклору кіраўніком гуртка традыцыйнага пляцення, выцінанкі і фларыстыкі. Добра засвоіла тэхналогію і мясцовыя асаблівасці многіх відаў мастацкіх рамёстваў. З 1995 года займаецца спіральным пляценнем. Вучылася ў народнага майстра Беларусі Адама Краўчука на курсах пры ДУ “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”, з’яўляецца адной з лепшых яго вучаніц. Майстрыху не пакінула раўнадушным і арыгінальнае мастацтва выцінанкі. Сюжэты выцінанак майстрыхі традыцыйныя: дрэва жыцця, букеты, папараць-кветка, народны каляндар. Аднак мастацкае вырашэнне іх досыць адметнае і лёгка пазнавальнае. Малюнак здаецца не выстрыжаным з паперы, а звязаным з грубых нітак. Майстрыха спалучае найбольш адметныя набыткі вядомых ёй відаў народнай творчасці.
Шмат часу Гаравая Л.Г. аддае вывучэнню традыцый Гарадоччыны. Цесна супрацоўнічае з раённым краязнаўчым музеем, сабрала багаты этнаграфічны матэрыял падчас экспедыцый па раёне.
Асаблівасць творчасці Гаравой Л.Г. – аднаўленне ўнікальных традыцый пляцення, аўтэнтычнасць зробленых вырабаў.Абапіраючыся на сабраныя звесткі і вывучаную літаратуру, зрабіла калекцыю вырабаў спіральнага пляцення традыцыйнай формы са жгутоў саломы і лазовай стужкі, як аскуранай, так і неаскуранай:кублыавальнай і акруглай формы, розныя міскі, збанкі і г.д.
З 2001 года – член Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці.
У выніку шматгадовай даследчай працы майстрыха прыйшла да больш глыбокага разумення неабходнасці адраджэння ўнікальнай выявы народнайтворчасці – спіральнагапляцення. Людміла Генадзьеўна распрацавала метадычны дапаможнік па спіральнаму пляценню і падрыхтавала па гэтай тэме матэрыял на ўключэнне ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. У студзені 2020 г. тэхналогія спіральнага пляцення Віцебскай вобласці атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.
Больш за 100 аўтарскіх твораў майстра знаходзяцца ў фондах Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору, Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці. Вырабы знаходзяцца ў прыватных калекцыях у гарадах Расіі, Германіі, Швейцарыі, Фінляндыі, Швецыі, ЗША, Канадзе і г.д.
Людміла Гаравая – пастаянныўдзельнік раённых, абласных і рэспубліканскіх выстаў і святаў. У 2016 годзе Людміла Генадзьеўна атрымала званне “Народны майстар Беларусі”.