Байкова Вера Васільеўна

1952 г.н.
г. Глыбокае, Віцебская вобл.

Байкова Вера Васільеўна – таленавіты, творчы майстар. За дваццацігадовы перыяд работы ў Глыбоцкім Доме рамёстваў стварыла вялікую калекцыю тканых вырабаў, большасць якіх складаюць ручнікі і посцілкі, вытканыя ў розных тэхніках. Майстар аднавіла тэхніку вырабу “кілімаў”, якія шырока выкарыстоўваліся ў побыце на Глыбоччыне. На курсах павышэння кваліфікацыі ў Віцебску і Мінску Вера Васільеўна авалодала чатырохнітовым відам ткацтва “дымка”, а таксама браным, выбарным відамі ткацтва, пляценнем паясоў “на дошчачках” і “на бердзечку”. Зараз у калекцыі майстра прысутнічаюць посцілкі,ручнікі, сурвэткі выкананыя гэтымі відамі ткацтва.

Вера Васільеўна –удзельнік выстаў народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва I і II Усебеларускага фестывалю народнага мастацтва “Беларусь – маяпесня”. У 2003 годзе ўдзельнічала ў Днях культуры Віцебскай вобласці, якія праходзілі ў Мінску і Маскве. У абласным конкурсе па ткацтве “Матчыны кросны” ў намінацыі “Ткацтва посцілак” заняла I месца ў 2003 і 2006 гадах. У 2007 годзе ўзнагароджана дыпломам за правядзенне лепшага майстар-класа ў рамках Рэспубліканскага фестывалю народных мастацкіх рамёстваў “Вясновы букет”, у 2008 годзе праводзіла майстар-клас па ткацтве на кроснах на Рэспубліканскім свяце працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2008” у Оршы. У 2009 годзе імя майстра Байковай В.В. унесена ў энцыклапедыю “Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь”. У 2010 годзе яе вырабы дэманстраваліся на абласной выставе сувеніраў-брэндаў Віцебшчыны “Цвяток радзімы васілька”. Вера Васільеўна праводзіла майстар-клас па ткацтве паясоў на абласным свяце працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2010” у г.п. Расоны. У 2011 годзе ў выставачнай зале Глыбоцкага гарадскога цэнтра культуры праходзіла яе персанальная выстава. У гэтым жа годзе Байковай В.В. прысвоена ганаровае званне “Народны майстар Беларусі”.

Зараз Вера Васільеўна знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але нягледзячы на гэта, прымае ўдзел у пасяджэннях народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў “Крыніца”, аказвае  кансультатыўную дапамогу ў распрацоўцы і стварэнні народных касцюмаў метадыстам Глыбоцкага Дома рамёстваў.