У пачатку жніўня ў Пастаўскім раёне адбылася цікавая падзея  – прыехалі супрацоўнікі тэлеканала ”Беларусь 3“, каб падрыхтаваць новую перадачу ”Жывая культура“, якая цалкам прысвячаецца нематэрыяльным гісторыка-культурным каштоўнасцям нашай краіны. Каманда спецыялістаў на чале з прадзюсерам Надзеяй Габец ставілі сваёй мэтай асвяціць у сваёй вераснёўскай перадачы найбольш рэдкі  з вядомых на Беларусі – купальскі варыянт  народнай гульні моладзі ”Яшчар“ у  вёсцы Гута, якая ў 2018 г. набыла статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Фальклорны гурток Гуцкага сацыяльна-культурнага цэнтра адказна падрыхтаваўся да  здымкаў перадачы. З дапамогай аднавяскоўцаў было адпаведна абсталявана  месца каля маляўнічых  дэндрапарка і Гуцкага возера,  падрыхтаваны неабходны рэквізіт, касцюмы. Жанчыны спявалі купальскія песні, моладзь гуляла ў ”Яшчара“. Дзяўчаты,  прыпяваючы песню-ўслаўленне галоўнага героя,  вадзілі ў вяночках карагод, а гарэзлівы Яшчар – Арцём Кухальскі важна сядзеў на драўлянай калодцы пасярод у дубовым мужчынскім  вянку і плашчу ”ў этнастылі“ (з саматканай пасцілкі). Сабраўшы вянкі удзельніц гульні, ён патрабаваў іх выкупіць, загадваючы розныя заданні, якія патрэбна, праспяваўшы песню-”выплакванне вянка“, абавязкова выканаць. У старажытнасці  падобным чынам здзяйсняўся абрад пераходу дзяўчын у дарослы стан. Працэс відэазапісу быў няпросты: патрабавалася і змяніць ракурс, і планы здымкаў, і, каб зрабіць выгляд зверху, выкарыстаць квадракоптары, і засяродзіць увагу на асобных элементах. Усе прысутныя стараліся як мага лепш прыняць удзел у гэтым творчым працэсе.

Думаецца, што атрымаецца цікавая перадача, якую па папярэдніх звестках можна пабачыць 12 верасня ў 10.00 на канале тэлебачання ”Беларусь 3“.

Акрамя калектыву моладзі на чале з Тамарай Маслоўскай, сямейнага ансамбля Аляксандра Пачкоўскага, у здымках тэлеперадачы прынялі ўдзел знаўцы фальклору – Г.І. Язёнак, Г.Г. Болт, Р.М. Галяш з Гуты, пастаўчанка 
Г.П. Танана.

Телеперадача ”Жывая культура“ стварае фонд традыцыйнай спадчыны, такім чынам таксама захоўваюцца гісторыка-культурныя каштоўнасці нашай любай Беларусі.

Метадыст ЦКіНТ Пастаўскага раёна Людміла Чатовіч,

 Фота Уладзіміра Біндзюкова.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *