У нядзелю ў аграгарадку Зялёнка Полацкага раёна было горача, ды не толькі ад спякотнага надвор’я, бо тут яскрава і з размахам адзначылі летняе свята пачатку сенакосу “Кузьмінкі”. Ужо другі год напрыканцы ліпеня аматары народных гулянняў збіраюцца ў гэтым куточку Полаччыны, каб ушанаваць святых Кузьму і Дзям’яна ды зладзіць свята па тутэйшых традыцыях. Сёлета паспаборнічаць ў незвычайных іспытах сабралася 11 каманд: з Ветрына, Гаран, Захарніч, Завозер’я, Блізніцы, вёсак Азіна, Багатырская, Булаўкі і Чарняя, гасцей падтрымалі мясцовыя каманды КУСГП “Зялёнка” і ДУА “Зялёнкаўская ДС-БШ”.

Распачалася кузьмінкаўская дзея з падняцця святочнага сцяга, традыцыйнага гімна ў выкананні заўзятараў свята ансамбля песні “Фярцінка” Багатырскага СДК, а таксама тэатралізаванай імпрэзы пра вясковае жыццё ад народнага тэатра мініяцюр “Веснік” (рэжысёр Кудзеля Л.М.) Як кожная раніца ў вёсцы не абыходзіцца без крыку пеўня, так і “Кузьмінкаўскія ігрышчы” былі гучна абвешчаны гэтым сімвалам свята. Ды не адным! Дарэчы кажучы, каб адкрыць спаборніцтвы ў Зялёнцы спатрэбіліся ажно чатыры пеўня, якія выканаўшы сваю ганаровую справу, патарапіліся хутчэй скрыцца з шумнай пляцоўкі.

Ну а далей загадчык Зялёнкаўскага сельскага Дома культуры Алена Фурс і загадчык аддзелам народнай творчасці Полацкага раённага Цэнтра культуры Аляксей Зуеў прапанавалі для ўдзельнікаў шмат цікавых выпрабаванняў.

Каб улагодзіць Кузьму і Дзям’яна госці прыехалі не з пустымі рукамі, а прывезлі пачастункі: хто салодкае варэнне новага ўраджаю, хто мяшочак збожжа, а вось самая шчодрая гаспадыня Бахір Алеся з Булавак здзівіла пышным караваем. Задорны “Танцавальны паядынак” вымусіў і ўдзельнікаў, і гледачоў пусціцца ў скокі. Лепшай у гэтым конкурсе стала ўдзельніца каманды КУСГП “Зялёнка” Чарняўская Раіса. А вось Галіна Бахір з Булавак пакарыла журы танцавальнай імправізацыяй. Гледачы разам адгадвалі “жывыя” прыказкі і прымаўкі ад удзельнікаў тэатра “Веснік”, а вялізны “Мудрамер” адлюстроўваў узровень народных ведаў. Самай “мудрай” аказалася каманда з аграгарадка Блізніца.

Пакуль гледачы частаваліся наварыстай кузьмінкаўскай кашай, каманды спрачаліся на спрыт у забаўных эстафетах “Маркоўнае спаборніцтва”, “Барацьба за памідоры” і “Супраць пустазелля”. У выніку самымі спрытнымі сталі азінцы. А ў “Маркоўным спаборніцтве” перамаглі дзяўчаты, якія прадстаўлялі мясцовую ўстанову адукацыі. З гумарам па жыцці, як высветлілі іспыты, заўсёды крочыць каманда з Ветрына. Самымі дружнымі ў святочных спаборніцтвах былі завозерцы. А вось пра тое, што “Агарод – бабін даход” аказваецца лепш за ўсіх ведаюць жыхары вёскі Багатырская. Як самую прыгожую каманду журы адзначыла прадстаўнікоў з вёскі Чарняя.

Падчас зялёнкаўскіх Кузьмінак кожная каманда аказаласяся на кані і была варта яго асядлаць, бо ўсе ўдзельнікі не засталіся без дыпломаў, якія атрымалі з рук старшыні Злёнкаўскага сельвыканкама Нядоўбы Віктара

Мікалаевіча. Першынство ж ў гэтым годзе падзялілі адразу дзве каманды: з Гаран і вёскі Булаўкі.

Арганізатары мерапрыемства аддзел культуры Полацкага райвыканкама, ДУК “Полацкі раённы Цэнтр культуры” і філіял 9 Зялёнкаўскі сельскі Дом культуры выражаюць глыбокую падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы свята “Кузьмінкі” КУСГП “Зялёнка” і асабіста дырэктару Семчанка Марыне Вячаславаўне, Зялёнкаўскаму лясніцтву і асабіста яго ляснічаму Драздову Івану Іванавічу, ДУА “Зялёнкаўская ДС-БШ Полацкага раёна” і асабіста дырэктару Сінкевіч Ірэне Генрыхаўне.

Рэдактар Полацкага раённага Цэнтра культуры Кацярына Паўловіч

[ngg src=»galleries» ids=»35″ display=»basic_thumbnail» thumbnail_crop=»0″]

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *