У дзень закрыцця ХХІХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” (19 ліпеня бягучага года) на плошчы Свабоды ў Віцебску сабраліся прыхільнікі прыпевак і народнай музыкі – канкурсанты і гледачы.
Справа ў тым, што тут адбыўся абласны конкурс народнай музыкі і прыпеўкі “А музыкі граюць, граюць…”, які аб’яднаў амаль 20 прыпевачнікаў, больш дзясятка ансамбляў народных інструментаў і гарманістаў.
Падчас конкурсу прыпевачніцы і прыпевачнік з Расон Віктар Смірноў выконвалі адметныя прыпеўкі, прыпеўкі з незвычайным прыпевам (“трынцы-брынцы”, “гоп-ца-ца” і іншыя), а таксама прыпеўкі на мелодыі побытавых танцаў. Самыя лепшыя змагаліся за Гран-пры ў конкурсе “Адзін на аднаго”, дзе праспявалі прыпеўкі пра каханне. А вось канкурсанты-гарманісты і ансамблі прадставілі па аднаму конкурснаму нумару.
Конкурс ёсць конкурс. Таму, па яго выніках па рашэнні журы, якое ўзначаліла дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына Лабука, былі вызначаны пераможцы. Так, Гран-пры атрымала Аляксандра Семянько з Лепеля. На першым месцы аказалася Анастасія Швядко (Рассоны), на другім – Юлія Ракала (Віцебскі раён), на трэццім – Віктар Смірноў (Рассоны). Тройку пераможцаў у намінацыі “Салісты-гарманісты” склалі Уладзімір Шакуцёў, Герман Бандарэнка і Юрый Стрэльчанка. Сярод ансамбляў лепшымі сталі народны ансамбль народнай музыкі “Верхнядзвінскія музыкі” (лаўрэат І ступені), гурт “Пан музыка” з Сянно (лаўрэат ІІ ступені) і дуэт у складзе Уладзіміра Шакуцёва і Аляксандра Шандаеўскага з Гарадка (лаўрэат ІІІ ступені).
Дадзены конкурс даўно палюбіўся гасцям і жыхарам фестывальнага Віцебска, а проводзіцца ён з мэтай зберажэння традыцый музычнай культуры, папулярызацыі творчасці музыкаў-інструменталістаў і вакалістаў.

Андрэй Струнчанка

Больш фота

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *