З мэтай захавання і папулярызацыі беларускага нацыянальнага народнага танца, развіцця фальклорнага руху ў мінулую суботу (18 ліпеня бягучага года) на плошчы Свабоды ў Віцебску адбыўся адкрыты турнір нацыянальных танцаў, які прайшоў ужо ў сёмы раз і сабраў больш за 80 танцавальных пар з розных куткоў Віцебшчыны, Гомельшчыны, Магілёўшчыны і горада Мінска.
Амаль за чатыры гадзіны ўдзельнікі турніра выканалі каля 30 побытавых танцаў, сярод якіх – “Каханачка”, “Какетка”, “Субота”, “Ночка”, “Лысы” і іншыя. Змагаліся за перамогу пары-канкурсанты ў некалькіх намінацыях па ўзроставых катэгорыях. Адной з намінацый турніра стаў батл, дзе ўдзельнічалі салісты – жанчыны і мужчыны. Яны спаборнічалі паміж сабой, выкончаючы танцы “Чобаты” (мужчыны), “Сямёнаўна” і “Сербіянка” (жанчыны).
Усе танцы выконваліся пад суправаджэнне вядомага ў вобласці народнага ансамбля народнай музыкі “Верхнядзвінскія музыкі”, а распачаў святочную дзею народны тэатр фальклору “Цярэшка” з Глыбокага.
Па выніках турніра па рашэнні журы, якое ўзначаліла намеснік начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Галіна Баркевіч, Гран-пры атрымала пара ў складзе Міхаіла Малашэнкі і Жанны Васенічавай з Расон.
Трэба адзначыць і тое, што ў склад журы ўвайшла ганаровы член Алена Каліноўская – вядучы спецыяліст Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў установы адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”.
Разынкай урачыстага адкрыцця турніра на гэты раз стала прэзентацыя навукова-папулярнага выдання “Прыдзвінскія карункі: танцавальная спадчына Віцебшчыны”, што пабачыла свет у бягучым годзе.

Андрэй Струнчанка

Больш фота

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *