Беларускі фальклор – сапраўдная скарбніца, у якой сабраны жыццёвы вопыт продкаў, універсальны матэрыял, на аснове якога фарміруюцца асноўныя ўяўленні чалавека аб нацыянальных традыцыях, гісторыі, характары народа. Немагчыма пераацаніць ролю народнай творчасці ў развіцці асобы, яе моцнае ўздзеянне на эмацыянальную і інтэлектуальную сферу, на фарміраванне эстэтычных і маральных якасцей чалавека. Вельмі актуальнай у гэтым сэнсе з’яўляецца кніга “Прыдзвінскія карункі (Народная танцавальная спадчына Віцебшчыны)”, выдадзеная Віцебскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці. Гэта першае, грунтоўнае выданне ў Віцебскай вобласці, прысвечанае харэаграфічнаму мастацтву. Кніга прызначаецца ўсім, хто цікавіцца традыцыйнай беларускай культурай, а таксама тым, хто жадае вывучаць танцавальльны фальклор і танцаваць “па-даўнейшаму”.

Выданне “Прыдзвінскія карункі (Народная танцавальная спадчына Віцебшчыны)” дае агульны малюнак бытавання танцавальнага фальклору ў Віцебскай вобласці, прадстаўляе матэрыялы па беларускаму народна-сцэнічнаму танцу і па развіцці народнай харэаграфіі, дэманструе яе адметныя асаблівасці. У кнізе прадстаўлены мясцовыя адметныя карагоды, танцы, традыцыйныя фальклорныя найгрышы, запісаныя ад непасрэдных носьбітаў падчас фальклорна-этнаграфічных экспедыцый на працягу не аднаго дзесятка гадоў. Кожная вёска, раён Віцебшчыны маюць свае фальклорныя асаблівасці. Кадрыля і “Лянцяй”, полькі, вальсы, мелодыі і напевы розных рэгіёнаў вобласці, якія адрозніваюцца матывамі найгрышаў, назвай танцаў, складам інструментаў у ансамблі, дзякуючы выданню, набылі новае жыццё, пераўтварыліся і адрадзіліся ў сучасным асяроддзі, каб быць захаванымі і перададзенымі нашчадкам. Каб успомніць і запісаць нотным тэкстам і харэаграфічнымі малюнкамі музычны і танцавальны матэрыял, які, здавалася, ужо даўно забыты, была апрацавана вялікая колькасць метадычных выданняў мінулых гадоў і нават, стагоддзя, кніг па фальклору, архіўных запісаў, што дае магчымасць выкарыстоўваць гэты матэрыял кіраўнікамі фальклорных, харэаграфічных, інструментальных калектываў у сваёй творчасці, выкладчыкам і навучэнцам дзіцячых школ мастацтваў.

Адзін з раздзелаў кнігі прысвечаны вядомым харэографам, заслужаным дзеячам культуры Беларусі – Івану Арцёмавічу Серыкаву, Леаніду Сцяпанавічу Барадульку, Осіпу Хацкелевічу Партному, харэаграфічныя пастаноўкі якіх і сёння займаюць вядучае месца ў творчасці танцавальных калектываў не толькі Віцебскай вобласці, але і краіны. А “Вянок танцаў” Івана Арцёмавіча Серыкава, наогул, публікуецца ўпершыню ў поўным аб’ёме – гэта 27 унікальных узораў народнай харэаграфіі, якія апрацавалі супрацоўнікі Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.

Вельмі змястоўная інфармацыя пра лепшыя фальклорныя калектывы Віцебшчыны, якія займаюцца побытавымі танцамі, будзе цікава не толькі спецыялістам-харэографам, але і чытачам, якія цікавяцца беларускай культурай.

Вялікая ўвага надаецца і абласным мерапрыемствам, накіраваным на развіццё і папулярызацыю танцавальнай спадчыны Віцебшчыны. Гэта – абласны агляд-конкурс фальклорнага мастацтва дзяцей і моладзі “Ад прашчураў да зор”, абласны агляд-конкурс харэаграфічных калектываў Віцебшчыны “Прыдзвінскія карункі”, адкрыты турнір нацыянальных танцаў у межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

Старонкі кнігі аздоблены выцінанкамі Ганны Перлінай, вядомага майстра, галоўнага мастака абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.

Дзяржаўная ўстанова “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” дзякуе ўсім, хто паспрыяў падрыхтоўцы кнігі да друку: установам культуры вобласці, былым супрацоўнікам абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, кіраўнікам фальклорных і харэаграфічных калектываў, асабліва Таццяне Спаткай, Наталлі Нікіфаровіч, Вераніцы Хомбак, Валянціне Вішнеўскай, Ганне Макравусавай, Аляксандру Усцінаву, Дзмітрыю Зайко, Таццяне Бярговінай, Галіне Рудзёнак, Надзеі Кавалёвай, Анастасіі Красоўскай.

Беларускі народ мае багатую культурную спадчыну: танцы, песні, казкі, абрады, гульні. Таму кожны жыхар нашай краіны павінен берагчы гэты скарб, які, менавіта, і з’яўляецца кодам нацыі.

[ngg src=»galleries» ids=»23″ display=»basic_thumbnail» thumbnail_crop=»0″]

Надзея Уліновіч,
загадчык аддзелам
традыцыйнай культуры
Віцебскага АМЦНТ
 8(212) 26-29-24

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *