Цэнтр культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна распачаў культурна-асветніцкую акцыю “Ведай свой край. Народная культура”, прысвечаную Году малой радзімы, удзелам у занятках “Школы актыўнага грамадзяніна”, якая арганізавана ў сярэдніх агульнаадукацыйных школах раёна і якая ставіць сваімі мэтамі фарміраванне ў вучняў гатоўнасці ўдзельнічаць у грамадска-палітычным жыцці краіны, самастойна прымаць рашэнні ў сферы дзяржаўна-грамадскіх зносін, несці адказнасць за прынятыя рашэнні і іх вынікі. І, канечне, гэтыя задачы непарыўна злучаны з мэтамі выхавання асобы, якая ведае і любіць свой родны край, паважае і падтрымлівае яго традыцыі, у тым ліку ў галіне народнай культуры, якая стваралася напрацягу тысячагоддзяў нашымі папярэднікамі і пакінула нам яркія праявы ў розных жанрах фальклору, рамяства, этнаграфічных адметнасцях звычаяў і бытавых спраў.

Вучнямі старэйшых класаў Пастаўскай гімназіі быў праведзены экскурс па найбольш захаваўшымся з гдыбіні стагоддзяў народным святам Пастаўшчыны, іх абрадавым і звычаёвым змесце, сучасным стане традыцыйнай культуры краю. Яны пазнаёміліся і з элементамі народнай культуры, якія ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, і менавіта ад Пастаўскага раёна. Гэта народны роспіс па тканіне “Маляванка” і “Клёцкі з душамі”, любімая страва нашых землякоў. А пра гісторыка-культурную каштоўнасць – народную гульню моладзі “Яшчар”, якая адноўлена ў фальклорным гуртку Гуцкага СКЦ, і іншыя мясцовыя традыцыйныя забавы быў прадэманстраваны відэафильм. Дарэчы, відэафільмы падрыхтаваны і аб іншым. Гульня “Яшчар” (“Яшчур”) часцей праводзілася менавіта на калядных вечарынах, дзе спявалі, танчылі, ладзілі розныя гульні, дзе хлопцы часта знаходзілі сабе дзяўчат. На жаль, каляднае ігрышча “Жаніцьба Цярэшкі” і абход “Тры Каралі”, прыняты даўней у каталікоў на Пастаўшчыне, з часам адыйшлі, але многае і застаецца.

Каляды – вялікае народнае зімовае свята дахрысціянскага паходжання, звязанае з нараджэннем новага каляндарнага цыкла, які пачынаецца з дня зімовага сонцастаяння. У гэты час на Беларусі ладзіліся зімовыя забавы, варожбы, вечарыны. У галоўныя святы салярнага цыкла, паводле народнаых уяўленняў, часова аб’ядноўваліся “той і гэты свет”. Яны суправаджаліся вясёлым гуляннем, праявамі карнавальнай стыхіі, пераапрананнямі і варожбамі – магіяй пачатку. І таму магчымы былі нязвыклыя паводзіны, магічныя рытуалы. У нашым раёне і цяпер захоўваецца абрад віншавальнага абходу калядоўшчыкаў (у в. Масленікі іх звалі “калядоўнікі”, калядоўшчыкаў з зоркай у Кураполлі – “хрыстаславамі”) са святочнымі песнямі і словамі, нават міні-відовішчамі. Раней, як расказваюць сталыя людзі, па Калядзе хадзілі ў асноўным хлопцы, “надзеўшыся ў цыганоў”. Павадыр вадзіў “мядзведзя”,

“казу” як старажытныя сімвалы дабрабыту і пладароднасці, чаго і жадалі гаспадарам. У 30-я гг. ХХ ст. на Пастаўшчыне каталікі спявалі польскія калядкі “Сярод начной цішы”, “Цяпер у Бэтлееме”, праваслаўныя – “Небо и земля ныне торжествуют”, пазней яшчэ “Саду, мой саду, Каляда!” А. М. Казакевіч з в. Цешалава ўспамінала песню на беларускай мове “Ай, калядачкі, прыбліжыцеся!”, а таксама, як танцавалі каля касцёла і як з Пастаў і навакольных вёсак прыходзілі пераапранутыя хлопцы. М. Я. Лапін з в. Ярэва паведамляла, што памятае з юнацтва, як “хадзілі па Калядзе” “Стары год” і “Новы год”. “Стары” на развітанне просіць што-небудзь пакласці ў торбу, а “Новы” абяцае, што, калі добра падорыш, то і год будзе ўрадлівым. Потым гуртом заходзіла моладзь і спявала песні на заказ”. У гурце абавязкова прысутнічае “каза”, а таксама “дзед” альбо “цыган” з “мядзведзем” ці “канём”, Механоша (носіць мех для пачастункаў ад гаспадароў) і Звяздар (носіць васьміканцовую зорку на ўспамін аб Віфлеемскай). Традыцыйна “цыганка” варожыць гаспадарам, а “каза”, валіцца на падлогу, каб яе, “знямоглую”, падсілкавалі. У сучаснасці культработнікі ў калядны гурт уводзяць і іншыя персанажы. У Варапаеве, напрыклад, прысутнічалі смешна апранутыя парныя героі – “мужык з жонкай”, “дохтар з тэрмометрам”, а ў Парыжы таксама і Дзед Мароз са Снягуркай (аб’яднанне старажытных калядаў з цяперашнім святам Новага года). Продкі пакінулі нам і калядныя варожбы, бо ва ўсе часы для людзей цікава зазірнуць у сваю будучыню. Распаўсюджанай на Пастаўшчыне была варажба з воскам, калі дзяўчаты лыжкай наліваюць растоплены воск у міску халоднай вады. Калі ён застыне, выбіраюць фігурку з вады і перад запаленай свечкай выклікаюць цень, тлумачучы форму, якая атрымліваецца. Таксама ставілі пад ложак міску з вадой, наеўшыся салёных клёцак – суджаны падасць вады напіцца; абутак кідалі праз плячо – куды яго насок будзе скіраваны – адтуль прыедуць сваты; абдымалі плот – “у пару будзеш ці не?” і яшчэ рабілі шмат чаго. Рытуальныя свавольствы хлопцаў – незласлівыя розыгрышы (“шкоды”, “пусткі”) асабліва былі распаўсюджаны на Васілле – “Стары Новы год”, калі парадак яшчэ не ўсталяваўся, акаймляючае наваколле знаходзіцца “па-за пабудовай свету”. Хутка прыйдуць калядкі, давайце будем захоўваць іх традыцыйнае святкаванне!

ЦКіНТ плануе працяг акцыі “Ведай свой край. Народная культура” для юных пастаўчан у наступным годзе.

Подпісы пад фотаздымкамі:

Калядны гурт у в. Вярэньки, 2000-я гг. Фота з архіву ЦКіНТ.

Дзявочыя варожбы на вячорках з гульнёй “Яшчар”у в. Дунілавічы, 2018 г. Фота С. Вшыўкава.

Метадыст ЦКіНТ Пастаўскага раёна.Л.Чатовіч.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *